Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт
імя А.А. Куляшова

Türkmen wersiýa Türkçe sürümü 中国版 La version en français Die Version deutsch English version Русская версия
Галоўная

Старажытны Полацк гэтым разам прыняў гасцей і ўдзельнікаў урачыстасцей, прымеркаваных да Дня беларускага пісьменства. Не засталіся ў баку ад ушанавання культурнай і гістарычнай спадчыны нашага народа студэнты і выкладчыкі МДУ імя А. А. Куляшова. Глядзець рэпартаж MSU NEWS.

«Асаблівасцю гэтага года было аб’яднанне трох значных нагод, — распавядае загадчык кафедры агульнага і славянскага мовазнаўства, удзельнік падарожжа ў Полацк Вольга Мікалаеўна Шаршнёва. — Па-першае, сёння мы святкуем 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, па-другое, 1155-годдзе горада і, вядома ж, па-трэцяе, адзначаем Дзень беларускага пісьменства». У гэтым годзе свята расцягнулася на тры дні. Усе выходныя Полацк амаль не спаў — мерапрыемствы праходзілі нават ноччу. Гасцей і жыхароў горада чакалі фестываль кнігі і прэсы, сустрэчы з беларускімі і замежнымі літаратарамі. Магчыма было паслухаць паэтаў і пісьменнікаў, пазнаёміцца з новымі выданнямі, а таксама папрысутнічаць на выставе рэдкіх фаліянтаў. Традыцыйна на Дні беларускага пісьменства адбылося ўрачыстае ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. «Полацк пакінуў надзвычай прыемныя ўражанні, парадаваў сваёй прыязнасцю і цёплым надвор'ем», — дзеліцца ўражаннямі намеснік дэкана факультэта пачатковай і музычнай адукацыі Дзмітрый Доўгаль. «Для нас, беларусаў, прысутнічаць сёння ў Полацку вельмі сімвалічна. Гэтым мы аддаём даніну павагі ў тым ліку і нашаму славутаму першадрукару, постаці сусветнага значэння доктару Францыску Скарыне», — дадае Вольга Мікалаеўна Шаршнёва.

Крысціна Башарымава

 

Галоўная