Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт
імя А.А. Куляшова

Türkmen wersiýa Türkçe sürümü 中国版 La version en français Die Version deutsch English version Русская версия
Галоўная

Кнігу пра дзейнасць легендарнага Магілёўскага Беларускага Камітэта надрукавалі ў МДУ імя А. А. Куляшова. Укладальнікі і аўтары манаграфічнага даследавання — кандыдаты гістарычных навук, дацэнты А. Р. Агееў і І. А. Пушкін.

Назва манаграфіі гучыць наступным чынам: «Фарміраванне і дзейнасць Магілёўскага Беларускага Камітэта (1917–1918 гг.)». Складаецца кніга больш як з 250 старонак і побач з навуковымі тэкстамі змяшчае ўнікальныя гістарычныя дакументы, здабытыя ў архівах Вільні і Мінска. У звароце да чытача аўтары тлумачаць прычыны свайго звароту да адной з найбольш дыскусійных старонак айчыннай мінуўшчыны: «Успаміны Міхаіла Кахановіча, надрукаваныя ў 1997 годзе ў часопісе „Спадчына“, аказалі моцны ўплыў на нас — аўтараў гэтага выдання. Са ўспамінаў выяўлялася, што Магілёў стаў адзіным буйным горадам Беларусі, які на сходзе прадстаўнікоў дзяржаўных устаноў і грамадскіх арганізацый падтрымаў у 1918 годзе ідэю стварэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі». Па словах Аляксандра Агеева, пасля адбудовы ў 2008 годзе Магілёўскай ратушы сярод многіх магілёўцаў запанавалі пазітыўныя настроі і жаданне штосьці зрабіць для горада. Адзін з такіх канструктыўных крокаў — пошук у віленскім архіве дакументаў, якія мелі дачыненне да Магілёўскага Беларускага Камітэта. «Такіх дакументаў было выяўлена дастаткова багата. Узнікла ідэя напісання кнігі, і ідэя гэтая была станоўча ўспрынятая грамадскасцю горада. Праца распачалася і нарэшце ў мінулым годзе была пастаўлена, спадзяюся, не кропка, а шматкроп’е… Мы спадзяваемся на тое, што пасля выхаду гэтай кнігі меркаванні аб тым, што ўсходнебеларускія гарады нібыта слаба ўдзельнічалі ў нацыятворчых працэсах, больш гучаць не будуць», — адзначыў гісторык.

 

Галоўная